Общество
Сямён Печанко

Як мой дзед з рускімі фашыстамі ваяваў

Як мала часам мы ведаем пра сваіх родных пры іх жыцці. І як шмат можна даведацца постфактум.

Жыццё майго дзеда, Паўла Данілавіча Базара, як і лёсы многіх іншых беларусаў, што перажылі Другую сусветную вайну, вартае экранізацыі. Я ж паспрабую расказаць вам дзясятак невялікіх гісторый, што здарыліся з маім продкам, яго роднымі і сваякамі ў гады вайны.

У дзяцінстве на нашыя з братам пытанні, кшталту, «які ён, сапраўдны танк?», дзед нязменна адказваў «жалезны». Ён так нічога і не расказаў нам пра вайну. Штосьці расказвала бабуля Ганна, ягоная жонка. Але як толькі дзед Павел заходзіў у пакой, яна змаўкала з вінаватай усмешкай.

Гэтыя гісторыі я пачуў ад дзедавых дзяцей — маёй мамы, цёткі і дзядзькі. Ім ён таксама расказаў далёка не ўсё, многае яны пачулі ад маці ды іншых родных. Дзед жа разгаварыўся толькі ў апошнія гады жыцця.

1954-ы. Майму дзеду на гэтым здымку 31 год. За плячыма — падполле, вайна, раненні.

Гэтую гісторыю некалі расказала бабуля Ганна. Лета, вёска Кальчычы, вяселле. Па абедзе з лесу чакалі ў госці партызанаў — сяброў маладых. Немцы з блізкіх Карэлічаў сюды зазіралі вельмі рэдка, амаль увесь час мясцовыя мелі справу з паліцыяй.

У той дзень было спакойна. Але раптам прыехалі нямецкія салдаты. Зайшлі ў хату, пацікавілся нагодай для застолля. «Гут» сказалі немцы, і засталіся. Рабіць няма чаго, вось-вось з лесу прыйдуць іншыя госці. І тады немцаў пачалі шчодра частаваць самагонкай. А запіваць пушчанскі напой давалі макавым узварам…

Калі лясныя госці зайшлі ў хату, немцы дружна храплі ў цяньку. Вяселле адгулялі, партызанаў правялі за вёску, а немцаў пабудзілі і далі пахмяліцца. Тыя сказалі «гут» і паехалі ў Карэлічы.

***

Землямер Максімук у 1939-м арганізоўваў калгасы на Карэліччыне. Прыйшлі немцы і пакінулі каштоўнага спецыяліста на службе. Цяпер ён мусіў вяртаць сялянам зямлю і сельскагаспадарчы рыштунак.

Землямер жыў у Карэлічах у старым габрэйскім доме. Жытло не апальвалася, а ў сям’і нарадзіўся сын. У адну з зімаў стала зразумела: без печы дзіця не выжыве. Максімук прыстасаваў знойдзеную бочку пад буржуйку, але не хапала трубы. Адзіная на ўсё мястэчка вадасцёкавая труба захавалася на доме, у якім жыў нейкі нямецкі чын. Дом той круглыя суткі ахоўваў аўтаматчык.

З адчаю Максімук узяў лесвіцу і падыйшоў да таго дома з боку ўправы, дзе працаваў. Моўчкі прыставіў драбіны да сцяны, адкруціў трубу, нібы так і трэба, ускінуў яе на плечы і вярнуўся назад у бок управы. Ён літаральна спіной адчуваў позірк аўтаматчыка, але немца падкупіла нахабства землямера і ён не западозрыў крадзяжу. Сям’я была ўратаваная.

***

На доме злева ў вайну ацалела адзіная вадасцёкавая труба, якая выратавала сям’ю мясцовага землямера. Карэлічы, нашы дні

Пры паляках дзед, тады юнак, быў у КПЗБ. Калісьці падзяліўся са сваімі дзецьмі згадкай пра адну сустрэчу ячэйкі, дзе ён з табурэта чытаў вершы Янкі Купалы.

Іх непасрэдным кіраўніком у падполлі быў малады габрэй, чый бацька займаўся агародніцтвам. У яго мой дзед працаваў да 1939-га. Прыйшлі саветы і сустрэчы камуністаў сталі легальныя.

Зімой дзед тры дні ездзіў у якасці перакладчыка з чырноваармейцамі па сем’ях палякаў, якіх вывозілі ў Казахстан. Тады і скалечыў ногі, адмарозіўшы іх на лютым холадзе. У адной з хат салдат загадаў перакласці слова «собирайтесь». Дзед пачаў казаць, каб людзі бралі кажухі і сала, бо павязуць далёка. За такі доўгі пераклад атрымаў між лапатак прыкладам.

А потым былі немцы. Малады габрэй-камуніст, былы кіраўнік ячэйкі, апынуўся ў гета. Мой прадзед Дэнька даў сыну кошык з хлебам, яйкамі і цыбуляй, каб той аднёс сябру. Аднойчы немец-ахоўнік спыніў Паўла каля калючага дроту і запытаў: «Хочаш туды, да сябра? Яшчэ раз прыйдзеш і застанешся тут назаўсёды». Дзедаў сябра загінуў у гета.

***

З дзецьмі. На руках — сын гадавалы Аляксандр, побач — 9-гадовая дачка Альбіна, мая мама. 1955 год

Палову вайны Павел быў партызанскім сувязным. Калі наблізіўся фронт, ён атрымаў загад сыходзіць у лес. Сям’я, натуральна, была нязгодная.

Аднойчы дамоў прыйшла паліцыя, запыталі, дзе сын. А потым вывелі маці, маю прабабулю Таццяну, за хлеў. Яна сказала, што нічога не ведае. Прыгразілі расстраляць. І яна не вытрымала: «У мяне старэйшыя, Коля з Іванам, на працах у Германіі, падчарка Каця таксама там. А вы мяне страляць?!»

Сярод паліцыянтаў быў сябар дзяцінства дзедавага брата Мікалая. Яны выслухалі жанчыну, стрэлілі колькі разоў над яе галавой ды пайшлі.

***

Дзедаў брат Мікалаў меў цікавы лёс. У 1939-м ваяваў з немцамі ў складзе польскага войска. Быў паранены і трапіў у палон у Заходняй Польшчы. Паводле дамовы з СССР немцы вызвалілі з лагераў для палонных усіх беларусаў. Але дамоў не адпусцілі. Пачалася вайна з Саветамі, а Мікалай працягваў працаваць у немцаў. Двойчы прыязджаў на адпачынак да бацькоў. У сямейным архіве ёсць ягонае фота, зробленае у Навагрудку у часе аднаго з прыездаў: малады чалавек у палітоне, з белым шалікам на шыі, трымае веласіпед.

Другі адпачынак прыпаў на наступ Чырвонай арміі. Бацька адгаварыў яго вяртацца ў Нямеччыну. Мікалай пайшоў у партызаны, а потым трапіў на фронт. Так, за адну вайну ён паспеў двойчы паваяваць з немцамі ў розных арміях.

***

У лесе дзед Павел быў памочнікам кулямётчыка. Колькі разоў выбіраўся з дыверсійнай групай на чыгуначную станцыю Наваельня.

Так здарылася, што самы цяжкі і крывавы бой, у якім яму давялося ўдзельнічаць, быў супраць рускіх. Каля вёскі Беразавец, што пад Карэлічамі, партызаны біліся з байцамі Рускай вызналенчай народнай арміі (29-я Грэнадзёрская дывізія СС).

Сумную вядомасць у Беларусі яны атрымалі пасля карных аперацый на Віцебшчыне, у выніку якіх загінулы тысячы цывільных асобаў. Марадзёрства і надзвычай жорсткае абыходжанне з мірнымі жыхарамі ў часе пацыфікацыі Варшаўскага паўстання ўразіла нават кіраўнікоў Вермахта. За вайсковыя злачынствы кіраўніка РОНА Браніслава Камінскага расстраляла зондэркаманда.

***

Пасля параду партызанаў у Мінску ў 1944-м дзеда накіравалі старшынёй сельсавета пад Радунь, што ў сучасным Воранаўскім раёне. Ён меў чатыры класы польскай школы, вольна размаўляў па-польску. З мясцовымі жыхарамі хутка знайшоў агульную мову і без праблемаў дамовіўся на арганізацыю паставак для арміі. Вайна працягвалася.

Сям’я размясцілася на другім паверсе плябаніі пры капліцы. Вокны былі закратаваныя, што змяншала верагоднасць трапляння гранаты праз акно.

Аднойчы дзеду спатрэбіўся конь і ён пайшоў да чалавека, які мог яго даць. Зайшоў у пакой. Пры дзярах на цвіку вісеў аўтамат, гаспадароў сын Пётрэк — камандзір мясцовага атрада Арміі Краёвай, што на той час была ворагам Саветаў — з голым торсам галіўся каля люстэрка. Дзед мог арыштаваць Пётрэка, але замест гэтага спытаў, дзе яго бацька і выйшаў з хаты.

Пазней у дзеда колькі разоў стралялі. І акаўцы, і проста бандыты. Ужо пасля вайны польскія, ці як іх называлі, белыя партызаны прастрэлілі яму абедзьве нагі. Можа таму і цэлілі па нагах, што ведалі пра той выпадак, калі ён «не заўважыў» іх камандзіра?

***

З жонкай Ганнай, 1970-я. У 1943-м дзед з бабуляй павянчаліся ў карэліцкай царкве. Апроч усяго гэта вызваляла іх ад прымусовых працаў у Нямеччыне

Скончылася кар’ера савецкага службоўца для дзеда пасля такога выпадка. У ваколіцах Радуні пайшлі чуткі, што польскі ўрад у Лондане пры дапамозе Захаду хоча вярнуць Польшчы Заходнюю Беларусь. Польскіх патрыётаў заклікалі рыхтаваць зброю і быць гатовымі да дзеянняў. Потым у лясах прызямліліся парашутысты, якія добра гаварылі па-польску. Тых, хто паверыў чуткам ды павыцягваў са схронаў дубальтоўкі, сабралі невялікімі групамі і расстралялі. Так прайшла аперацыя, арганізаваная СМЕРШам.

Трупы распранулі, адвезлі ў Радунь і склалі ў цэнтры мястэчка. А потым сабралі мясцовых піянераў і загадалі памачыцца на забітых…

Месцічы начамі спрабавалі выносіць целы, каб пахаваць. Тады трупы прыціснулі спілаванымі тэлеграфнымі слупамі.

Пасля таго выпадку дзед звольніўся. Сказаў, што ў яго застаўся хворы бацька, а астатнія браты былі ў войску. Значна пазней ён патлумачыў свайму сыну, майму дзядзьку, што галоўнай прычынай было абурэнне ад той нялюдскай правакацыі і здзеку над забітымі.

Пасля сельсавета дзед вярнуўся пад Навагрудак, у вёску Чамяроўка, дзе працаваў на цагельні. Рабіў цэглу, з якой аднаўлялі разбураную Варшаву. Бываючы ў варшаўскай «Старувцы», я ведаю — недзе тут, у гэтых сценах ляжаць і цагліны, зробленыя маім продкам.

***

З унукамі. Пачатак 1990-х

У 1995-м, на 50-годдзе Перамогі ў Навагрудку я быў сведкам такой сцэны. Да майго дзеда падышоў іншы ветэран, працягнуў руку павітацца. Але дзед ад поціску рукі ўхіліўся. Пазней мой дзядзька расказаў, што ўжо бачыў тое самае значна раней, напрыканцы 1970-х. А справа вось у чым. Той чалавек прыехаў у Беларусь у 1939-м з Расіі разам з тысячамі суайчыннікаў. Нібыта на торфанарыхтоўкі. Іх сем’і рассялілі па вёсках. Многія былі сумленнымі людзьмі: пасля цяжкай працы не ленаваліся дапамагчы пры доме гаспадарам, у якім кватаравалі. А вось той дзядзька і не думаў так рабіць. Ён увесь час сварыўся з гаспадаром хаты, а калі прыйшлі немцы, сыйшоў у лес, паабяцаўшы забіць яго. Гаспадар, немалады і кульгавы дзядзька, папрасіўся ў паліцыю. Яго ўзялі даглядаць коней, зброі не далі. У адзін з вечароў яго былы кватарант прыйшоў з лесу і кінуў у акно гранату…

— Бацька казаў, што гэтага ветэрана ад вайны байкатавалі усе былыя мясцовыя партызаны, — расказаў мне дзядзька. Яны нічога не маглі зрабіць з ім, бо на яго баку былі партызанскія камандзіры — скінутыя з парашутамі расійскія чэкісты.

***

У той самы дзень, 9 мая 1995-га, я пабачыў у скверы Навагрудка групу ветэранаў у белых кіцелях. Іх было не так і шмат, але дарожкі да іх былі перагароджаныя адмысловымі стужкамі. Адзін з былых партызанаў, з дзедавай кампаніі, зазначыў: «Як у вайну пры штабах каньякі пілі, дык і зараз п’юць».

Простых ветэранаў тады частавалі гарэлкай ды салдацкай кашай. Гэта было апошняе 9 мая для майго дзеда, да наступнага ён не дажыў 39 дзён.

Навагрудскія могілкі

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)