Общество
Сямён Печанко

Рэха публікацый «Салідарнасці»: Пад Карэлічамі ўшанавалі памяць забітага партызанскага камандзіра

9 мая на месцы верагоднага пахавання Дзмітрыя Семянцова ўрачыста адкрылі памятны знак.

Непадалёк ад памятнага знака хтосьці з мясцовых жыхароў усталяваў крыж

9 мая ў ваколіцах вёсак Новае Сяло і Вялікая Слабада Карэліцкага раёна адбылося ўрачыстае адкрыццё памятнага знака ў гонар партызанскага камандзіра Дзмітрыя Семянцова, які загінуў ад рук іншага камандзіра Дзмітрыя Дзенісенкі. Пра гэтую трагічную гісторыю «Салідарнасць» неаднаразова пісала раней.

«А ў згарэлай хаце пад сталом знайшлі расстраляных дзяцей…»

Урачысты мітінг арганізаваў Карэліцкі райвыканкам. Як расказаў «Салідарнасці» намеснік старшыні па ідэалогіі Руслан Абрамчык, камень на месцы верагоднага пахавання партызанскага камандзіра ўсталяваў СВК імя Чарняхоўскага, шыльду зрабілі на замову мясцовай суполкі «Белай Русі».

На ўрачыстым адкрыцці прысутнічалі вучні мясцовай школы, жыхары навакольных вёсак і прадстаўнікі ўладаў.

Руслан Абрамчык пачаў выступленне са слоў падзякі мясцоваму краязнаўцу Аляксандру Самцу, намаганнямі якога справа ўшанавання партызанскага камандзіра была даведзеная да лагічнага завяршэння. Ён падзяліўся планамі ўладаў наконт памятнага знака. Па яго словах, наступным крокам будзе пошук парэштак Семянцова і перапахаванне, а таксама ўсталяванне сталага памятнага знака.

Намеснік старшыні нагадаў пра страты, якія раён панёс у гады вайны. З сямі тысяч загінулых на тэрыторыі рэгіёна каля паловы складалі мірныя жыхары, у тым ліку сотні мясцовых габрэяў.

Выступае намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Руслан Абрамчык

Аляксандр Самец

Аляксандр Самец расказаў пра шлях, які ён адолеў ад моманту знаёмства з гісторыяй гібелі камандзіра Семянцова да сённяшніх дзён. Ён асобна падкрэсліў ролю іншых даследчыкаў тых трагічных падзей, у прыватнасці газеты «Народная воля», якая першай узняла тэму забойства партызана. А таксама неабыякавых мясцовых жыхароў, без чыіх сведчанняў і дапамогі многае магло б застацца таямніцай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(3)