Комментарии
Сяржук Кійко

Гэта камедыя і трагедыя адначасова, або Як Дзень Волі стаў Днём няВолі

«Калі ты ўжо супакоішся, Сяржук? Кажаш тут небыліцы нейкія – ўсё ж нармальна!», – так мне шмат хто казаў з сяброў ды знаёмых раней, калі даляр быў 3000 беларускіх рублёў. Зараз жа ўсе гэтыя галасы чамусьці змоўклі…

Мяне з сябрамі затрымалі у Мінску супрацоўнікі АМАПу каля станцыі «Дружная». На падставе ўдакладнення нашых асабістых дадзеных нас «пагрузілі» ў мінібус і адвезлі ў пастарунак, дзе склалі пратаколы менавіта па гэтым артыкуле 17.1 КаАП РБ (мелкае хуліганства, нецэнзурныя выказванні ў грамадзкім месцы).

Так шмат грамадзян было прыцягнута да адказнасці за гэта ў той дзень, што складвалася ўражанне, нібыта ў Беларусі прайшло міжнароднае «Свята мацюкоў».

Суд

Самы гуманны і справядлівы ў свеце суд адбыўся праз некалькі гадзін пасля затрымання ў выхадны дзень. Мяне прывезлі ў кайданках. Ні маім родным, ні сябрам пра гэта не паведамілі. Акрамя мяне і суддзі ў зале была сакратарка, супрацоўнік АМАПу і адвакат.

АМАПавец, які мяне затрымаў, выступаў адначасова і сведкам супраць мяне ў судзе. Падпісаўшы ліст аб магчымай крымінальнай адказнасці за непраўдзівыя сведчанні, ён распавёў: «Мы стояли и увидели, как эти ребята идут и громко матерятся в общественном месте. Мы сделали им замечания, но они не отреагировали, и нам пришлось их задержать».

Я зрабіў заўвагу, што гэта ілжэсведчанне ў зале суда пад гербам Беларусі, але суддзю гэта не засмуціла, і толькі маладзенькая сакратарка апусціла вочы.

Адваката я атрымаў не таго, якога выклікаў, а адмовіцца ад таго, якога мне падсунулі, было нельга. Малады хлопец з важным выглядам у блакітным пінжаку прыехаў на дарагім аўтамабілі. Задаўшы мне пару пытанняў (а АМАПаўцу ніводнага), проста сядзеў моўчкі і абыякава паглядаў на мяне. 

Суд адбыўся хутка. Копію пастановы я не атрымаў. Затое атрымаў 12 сутак арышту, а ўжо праз некалькі гадзін апынуўся ў «альма-матэр» усіх змагароў і апазіцыянераў – мінскiм iзалятары на вуліцы Акрэсціна.

Злачынцы

На наступны дзень нас вялікай колькасцю пачалі перавозіць у Жодзіна, бо на Акрэсціна не хапала месца для ўсіх затрыманых.Там адзін з міліцыянтаў даў мне падпісаць ліст з пералікам маіх абавязкаў, дадаўшы: «Безобразие не нарушать!». Мяркую, гэтыя словы мусяць стаць гімнам сілавых структур Беларусі.

У камерах, куды мяне закідвалі, давялося сустрэцца з рознымі парушальнікамі спакою і стабільнасці беларускай дзяржавы.

Гэта малады хлопец, 19 год, валанцёр. Збіраў грошы і купляў перадачкі для арыштаваных раней, але сам атрымаў 14 сутак.

Мужчына, 50 гадоў, працаўнік у адным з паспяховых прыватных прадпрыемстваў. Прыйшоў да РАУСа спытаць, куды адвезлі яго жонку, і таксама атрымаў 14 сутак.

Студэнт, 22 гады, актывіст студэнцкага руху. Затрымалі за дзень да Дня Волі. Паведамiў, што яму разбілі тэлефон, калі той намагаўся паведаміць родным пра затрыманне. Атрымаў 5 сутак арышту.

Хлопец, 28 год. Прыехаў у Мінск з Магілёва. Яго затрымалі на вакзале – выдаў чырвоны шалік з выявай Пагоні. Атрымаў 5 сутак.

Расіянін, 50 гадоў, краявед, этнічны беларус. У яго сям’і беларуская мова перадаецца з пакалення ў пакаленне. Прыехаў пабачыць Беларусь і наведаць Дзень Волі. Даведаўся з БТ, што шэсце забаранілі, перадумаў ісці і набыў квіткі на цягнік у Расію. По яго словах, сам падыйшоў да міліцыі спытаць, дзе на вакзале магчыма абмяняць беларускія грошы, якія засталіся.

А міліцыянты патрабавалі паказаць ім змесціва сумкі і знайшлі там маленькі бел-чырвона-белы сцяжок. Атрымаў 12 сутак арышту, быў дэпартаваны і тэрмінам на 5 год пазбаўлены права ўезду ў Беларусь.

Пабачыў я шмат і іншых выхаваных, працавітых, адукаваных «злачынцаў» і пачуў досыць падобных гісторый.

Напрыканцы тэрміна арышту мяне перавезлі ў Слуцкі РАУС, зноў жа, не паведаміўшы родным, якія збіраліся ехаць мяне сустракаць у Жодзіна. Слуцкі ізалятар часовага ўтрымання мяне ўразіў: у камерах бруд, кубкі для вады не выдаюць, ручнікоў не выдаюць, на вуліцу не выводзяць, а ежа адпорная настолькі, што ледзь не ванітуеш. На падставе гэтага буду вымушаны пісаць скаргу.

За ўвесь час майго арышту не перадалі ніводнага дасланага мне ліста, адпаведна і родныя таксама не атрымалі маіх лістоў.

Северинец об изоляторе на Окрестина: «Кровь, вши, мат и беззаконие»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)