Скандалы
Сямён Печанко

«Мікіту адлічылі, а астатніх пакінулі вучыцца»

«Салідарнасць» даведалася падрабязнасці інцыдэнту ў Ястрамбельскай школе-інтэрнаце.

16 кастрычніка адзін з навучэнцаў Ястрамбельскай школы-інтэрната выклаў у суполцы «Мая краіна Беларусь» Вконтакте фота чатырох кадэтаў 3 курса, якія прадэманстравалі майкі з «Пагоняй».

Здымак разляцеўся па сацыяльных сетках і трапіў у СМІ.

Карэспандэнт «Салідарнасці» звязаўся з адным з удзельнікаў фатаграфання. Па яго словах, учынак кадэтаў займеў наступствы: навучэнца, які апублікаваў фота, ужо адлічылі. Астатніх рыхтуюцца адлічыць. Кадэт расказаў, што аднакласнікі «стаяць за іх да апошняга».

— Асабіста для мяне «Пагоня» — наша гісторыя. Мы павінны любіць нашу гісторыю і герб, — патлумачыў навучэнец.

Дырэктар кадэцкай вучэльні: «У нас такога кадэта няма і не было»

Пазней мы даведаліся новыя падрабязнасці гэтай гісторыі. Па словах аднаго з кадэтаў, які пажадаў захаваць ананімнасць, трох удзельнікаў фатаграфавання пакінуць вучыцца далей:

— Пра гэта паведаміў дырэктар школы. З хлопцамі правялі выхаваўчыя гутаркі. Распыталі, адкуль яны ўзялі майкі, навошта фатаграфаваліся, ці ўсведамляюць тое, што зрабілі. Заўтра мусяць правесці гутаркі з іх бацькамі.

Па словах суразмоўцы, дырэктар фармальна не зманіў, калі сказаў журналістам, што сярод навучэнцаў няма кадэта з прозвішчам, пазначаным на старонцы Вконтакте:

— Мікіта — не сапраўднае яго імя. І прозвішча там выдуманае. Таму дырэктар так і сказаў.

Пра адлічэнне кадэта стала вядома позна ўвечары таго дня, калі было апублікаванае фота.

— Гэта было ўжо пасля адбою. Мікіта прыйшоў да нас развітвацца, сказаў, што едзе да бацькоў. Інфармацыя пра адлічэнне пакуль неафіцыйная, нам сказалі, што афіцыйна пра гэта аб’явяць у панядзелак, — расказаў суразмоўца. Па ягоных словах, удзельнікі фатаграфавання не ведалі, што іх сябар будзе выкладаць фота. Гэта была яго ініцыятыва і ні з кім з іх ён не раіўся:

— Ужо потым расказаў, што выставіў здымак, і што яго перадрукавалі СМІ. Цікава, што ў сацыяльных сетках пазітыўных водгукаў было вельмі шмат, больш, чым негатыўных.

Як расказаў суразмоўца, пасля таго як здымак разышоўся па інтэрнэце, кадэты папрасілі свайго таварыша выдаліць яго. Але было ўжо позна.

— Ніхто не думаў, што будзе такая рэакцыя. Каб ведалі, што так здарыца, то фота, напэўна, не публікавалі ў адкрытым доступе, — падзяліўся ўражаннямі суразмоўца. Па яго словах, з боку іншых навучэнцаў школы ўдзельнікі фотасесіі маюць моцную падтрымку. Магчыма гэта, а таксама розгалас у СМІ і сацсетках, дзе ўжо з’явіліся заклікі падтрымаць кадэтаў, і ўратавала трох навучэнцаў ад адлічэння.

«Дырэктар заступаўся за нас»

Пасля публікацыі новых падрабязнасцяў карэспандэнту «Салідарнасці» патэлефанаваў малады чалавек, які назваўся адным з герояў фотаздымка. Ён папрасіў апублікаваць наступную інфармацыю.

Па яго словах, дырэктар навучальнай установы заступаўся за ўдзельнікаў фатаграфавання:

— Гэта не яго ініцыятыва была. Яму тэлефанавалі аднекуль зверху. Ён за нас заступаўся, бараніў. Казаў, што мы добрыя хлопцы, кадэты. Ён не адракаўся ад нашага сябра. Проста журналісты назвалі ягонае несапраўднае прозвішча.

Па словах суразмоўцы, афіцыйна пра адлічэнне ніхто не казаў. Ішла гаворка пра магчымы перавод на ранейшыя месцы вучобы.

Расказаў ён і пра адлічанага калегу. Па яго словах, дакументы з вучэльні забралі яго бацькі, нібыта гэта іх уласная ініцыятыва.

За кадэтаў заступілася Караткевіч

Экс-кандыдат у прэзідэнты Таццяна Караткевіч напісала на сваёй старонцы ў facebook: «Сістэма адукацыі карае тых, хто дэманструе любоў да краіны. Чаму яны тады вучаць? Лічу, што кадэты павінны быць адноўленыя на вучобе і адміністрацыя мусіць перад імі выбачыцца. #пагоняпобач».

Допіс з’явіўся да таго, як сталі вядомыя апошнія падрабязнасці з Ястрамбельскай школы-інтэрната.

Шуневіч: Ніякай адказнасці за «Пагоню» і бел-чырвона-белы сцяг не існуе

Журналіст Еўрарадыё запытаў у міністра ўнутраных спраў Ігара Шугневіча, ці лічыцца правапарушэннем апранутая майка з «Пагоняй» ці бел-чырвона-белы шалік.

Кіраўнік МУС заявіў, што ўсе магчымыя парушэнні грамадскага парадку, за якія прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць, прапісаныя ў Адміністрацыйным кодэксе:

— Прыдумляць нейкія новыя патрабаванні не мае права ні супрацоўнік органаў унутраных спраў, ніхто — гэта вызначыў заканадаўца. А такіх нормаў (пакаранне за майку з «Пагоняй» і г.д. — Еўрарадыё) я не бачыў у Адміністрацыйным кодэксе. І ні ў якім іншым дакуменце. Не магу пацвердзіць наяўнасць такой нормы.

«Салідарнасць» працягвае сачыць за развіццём падзей у Ястрамбельскай школе-інтэрнаце. У бліжэйшы час на нашым сайце можа з’явіцца новая інфармацыя.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)